Пра сваё затрыманнне і суд у Баранавічах расказаў лідэр прадпрымальнікаў Шумчанка

Анатолий Шумченко. Фото: Виктор ТОЛОЧКО, Sputnik

Анатоль Шумчанка распавёў «Народнай Волі» некаторыя падрабязнасці свайго затрымання і вызвалення.

Як паведамляла «Народная Воля», Анатоля Шумчанку абвінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Яго затрымалі, некаторы час да суда ён правёў у Баранавіцкім ізалятары.

Днямі адбыўся суд – былому лідару ліківідаванага па рашэнні Вярхоўнага суда рэспубліканскага аб’яднання прадпрымальнікаў далі штраф памерам у 15 базавых велічынь і канфіскавалі тэлефон.

– Ты не ўяўляеш, якое гэта шчасце и кайф – пасля металічных нараў спаць у сваім ложку, побач з каханай жонкай! – гаворыць Анатоль.

– Распавядзі, калі ласка, як усё было з самага пачатку: ведаю, што ты паехаў на допыт у Баранавічы. Дарэчы, твая жонка гаварыла, што ты паехаў без цёплай бялізны, але ў прыгожым світары і дублёнцы. Спадзяваўся, што не затрымаюць?

– Дарэчы, гэтая дублёнка мяне і выратавала. Бо яна тоўстая, з мехам, было лягчэй спаць на металічных прутах.

Зразумела, што нічога добрага ад гэтага візіту на допыт я не чакаў. Многія мне раілі: з’язджай з Беларусі! Але я застаўся. Я не зрабіў нічога такога, з-за чаго варта было б бегчы з краіны.

– Магчыма, прыцягнула ўвагу твая актыўнасць у сацсетках з нагоды рэгулявання коштаў? Ты адразу ўключыўся ў тэму…

– Я не з’яўляўся арганізатарам забастовак прадпрымальнікаў, якія не выйшлі на працу пасля таго, як пачаліся незразумеласці з цэнаўтварэннем. І гэта не былі забастоўкі, пратэсты ці страйкі. Людзьмі кіраваў страх – яны проста не ведалі, што рабіць і як працаваць, каб не парушыць закон і не патрапіць на адказнасць. Ніякай трэцяй ці пятай сілы, як гаварылі ўлады, за гэтым не было. Я заўсёды спрабаваў дапамагчы прадпрымальнікам і ў рэшце рэшт усё было накіравана ў канструктыўнае рэчышча дыялога – сёння ўсе пытанні спакойна вырашаюцца.

Але, як кажуць, добра тое, што добра заканчваецца. Мне прад’явілі рэпост публікацыі ў твітары, які быў зроблены ў 2014 годзе. Сказалі, што затрымаюць на 72 гадзіны – да суда. У камп’ютары, які забралі падчас вобыску, нічога не знайшлі. Яго, між іншым, адразу і аддалі. Шчыра скажу: падчас суда па скайпе вельмі радасна было пачуць, што далі штраф, а не арышт.

– У ізалятары якія былі ўмовы?

– Нармальныя. Была гарачая вада, асобны санвузел. Кармілі выдатна – прывозілі са сталовай, і не баланду нейкую, а нармальную ежу. Матрацаў не давалі, але я не скарджуся на ўмовы.

– Камера – бітком?

– Не. На колькі была разлічана камера, столькі чалавек і было. Усе людзі, між іншым, з вышэйшай адукацыяй.

Стаўленне персаналу таксама добрае было. Я разумею, што супрацоўнікі ізалятара ўвесь час працуюць са спецкантынгентам. І для іх галоўнае – не стаць такімі ж, як яны. Мы прыйшлі і сышлі, а яны там застаюцца, і туды не толькі палітычныя трапляюць…

– Адвакат у цябе быў?

– Не, сам ведаў, што да чаго.

Я зразумеў адно: альбо ты прымаеш правілы гульні дзяржавы, альбо не. Калі не прымаеш – ёсць два шляхі: з’ехаць за мяжу, альбо апынуцца за кратамі. Гэта нашы рэаліі. І кожны вырашае самастойна, які выбар зрабіць.

Я заўсёды дапамагаў прадпрымальнікам ў рамках эканамічнага поля, не пераходзячы нейкую палітычную мяжу. Ніколі за мной ніякай трэцяй сілы з Усходу ці Захаду не стаяла. І мэты ніколі такой не было. Проста трэба каб улада людзей чула, адгукалася на тое, што іх хвалюе. І калі ёсць нейкая праблема, ад яе не адмахвацца, а пераводзіць у канструктыўнае рэчышча. Што я, ўласна кажучы, і зрабіў, калі з’явілася праблема з рэгуляваннем коштаў. Магчыма, дзякуючы маім парадам сітуацыя не выйшла з-пад кантролю, атрымаўся дыялог з уладай, праблему знялі і пакуль рынкі спакойна працуюць.

– Чаму навучыла цябе гэтая сітуацыя з кароткатэрміновым арыштам?

– Я нікога не асуджаю, ні да каго прэтэнзій не маю. Усе прэтэнзіі я магу агучваць толькі сабе самому – чаму так адбылося, што я асабіста мог зрабіць, каб сітуацыя была іншай.

Можна заўсёды зваліць віну на тых, хто цябе затрымаў, хто выносіў прысуд, на супрацоўнікаў ізалятара, але гэта ўжо следства, а прычына – заўсёды ў самім сабе. Многія рэчы, што зараз адбываюцца, раней мы проста не хацелі бачыць, вырашаць, вось і ўсё. Таму застаецца альбо прыняць сітуацыю гульні, альбо…

Канешне, хацелася б, каб правілы гульні былі больш зразумелыя. Напрыклад, я рабіў рэпост, калі канал яшчэ не быў экстрэмісцкім, і закон, як мы добра ведаем, зваротнай сілы не мае. Але пры гэтым юрысты кажуць так: калі не выдаліў публікацыю, значыць, ты аўтаматам працягваеш распаўсюджваць інфармацыю, якая цяпер прызнана экстрэмісцкай.

– Зараз многіх прыцягваюць да адказнасці за рэпосты…

– Так, у гэтым плане трэба быць акуратным і сачыць за сваім тэлефонам. Увогуле, як мы жартавалі ў камеры, цяпер самы бяспечны сродак сувязі – гэта кнопачны тэлефон. Хутка, відаць, усе імі будуць карыстацца, каб мінімізаваць рызыку трапіць за краты.

Са мной у камеры сядзеў хлопец, якога спачатку затрымалі за тое, што быў нападпітку. Яго адвезлі ў выцвярэзнік, праверылі тэлефон, а хлопец быў падпісаны на экстрэмісцкі канал. І ўсё, паехаў у ізалятар на суткі – не ведаю, што па яго справе потым вырашыў суд, арыштавалі альбо не.

У маці другога сукамерніка скралі шубу, пачалося разбіральніцтва, высветлілася, што ключы ад кватэры былі ў сына, рабочых і маці. Яго паклікалі на допыт, паглядзелі тэлефон – і ўсё, прывітанне, экстрэмізм!

Варта разумець, што пасля першага такога выпадку адразу выносіцца пракурорскае папярэджанне аб крымінальнай адказнасці за паўторнае правапарушэнне. Карацей, яшчэ раз патрапіш – будзе крыміналка. Мне таксама такое папярэджанне вынеслі.

– Чаму ў цябе забралі тэлефон?

– У любым выпадку канфіскоўваецца прылада, пры дапамозе якой быў распаўсюджаны экстрэмісцкі матэрыял. Калі праз камп’ютар, значыць, забяруць камп’ютар. Калі праз тэлефон – то тэлефон. У мяне, напрыклад, канфіскавалі iPhone 7.

– Мабыць, гэта добрая нагода набыць iPhone 12?

– Ага, канешне! (смяецца).

Тэлефон забіраюць, абнуляюць і выстаўляюць на продаж у камісійны магазін. Такія правілы.

Читайте также: Фирма задолжала работникам 16 800 рублей. В ситуацию вмешалась Барановичская прокуратура

«Почетная доска на доме, состояние которого плачевное». «Бесхозная» двухэтажка в центре Барановичей рассыпается без ремонта

Если статья не открывается, включите, пожалуйста, VPN. Присоединяйтесь к нам в Viber Instagram,  ВКонтакте  или Telegram, подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, чтобы быть в курсе важнейших событий дня или обсудить тему, которая вас взволновала.

Подписывайтесь на наш канал в Яндекс.Дзен!

Нажмите «Подписаться на канал», чтобы читать лучшие записи в ленте «Яндекса»

zen.yandex.ru/intex-press.by

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @IntexPress_Bot.